У мінулым годзе Саюзам пісьменнікаў Беларусі праводзіўся Рэспубліканскі паэтычны конкурс імя Міколы Маляўкі сярод маладых паэтаў. Конкурс быў прысвечаны вядомаму паэту і перакладчыку Мікалаю Аляксандравічу Маляўку, лаўрэату літаратурнай прэміі імя Аркадзя Куляшова, прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, Спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва, Нацыянальнай літаратурнай прэміі.
Мэтай конкурсу, які з’яўляецца штогоднім і прымеркаваны да Міжнароднага дня роднай мовы, з’яўляецца выяўленне і падтрымка новых маладых талентаў. На конкурс прымаюцца па тры вершы на беларускай мове ад маладых аўтараў ва ўзросце да 25 гадоў.
На гэты раз свае творы на конкурс даслала вучаніца 10 “Б” класа нашай школы Салавей Паліна, а таксама нашы выпускніцы, што раней займаліся ў школьным літаратурным гуртку – Серада Паліна і Меляшэвіч Аляксандра. Прыемна, што ўсе яны сталі пераможцамі конкурсу.

Урачыстае падвядзенне вынікаў конкурсу адбылося 21 лютага ў Міжнародны дзень роднай мовы ў цэнтральнай бібліятэцы імя Янкі Купалы ў Мінску. Пераможцам уручылі Дыпломы за подпісам старшыні Грамадскага аб’яднання “Саюз пісьменнікаў Беларусі” А.М.Карлюкевіча і падарункі. Наша Паліна прачытала адзін са сваіх вершаў, дасланых на конкурс (“Мне выпаў лёс тут нарадзіцца”), і падарыла бібліятэцы сваю першую аўтарскую кнігу, чым прыемна здзівіла ўсіх прысутных і атрымала высокія водгукі майстроў слова Саюза пісьменнікаў Беларусі.
М.Сцяфанава